7 верасня, 10:00—8 верасня, 17:00

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

У рамках праекта «Месяц фатаграфіі у Мінску 2016»:

Запрашаем узяць удзел у двухдзённым інтэнсіўным майстар-класе «DIY Storytelling» фатографа Роба Горнстры (Rob Hornstra, Нідэрланды) у межах фестывалю «Месяц фатаграфіі ў Мінску». Уоркшоп разлічаны на беларускiх фатографаў, якія ўжо маюць закончаны фотапраект і шукаюць спосабы для яго прасоўвання.

«Шмат хто з амбітных фатографаў кансерватыўны ў прэзентацыі сваіх праектаў. Часта яны аддаюць іх бясплатна ў газеты, часопісы ці публікуюць у кнігах на бязвыплатнай аснове. Яны шыхтуюцца ў чаргу на дарагія партфоліё-рэвію ад вядомых фотарэдактараў і куратараў у спадзеве на тое, што нехта возьме іхныя працы. Яны аддаюць свой лёс у чужыя рукі і чакаюць. Але ўсё гэтае чаканне — пустое і неабавязковае марнаванне часу.

Шмат хто недаацэньвае важнасць прэзентацыі ўласнага праекту.
У той жа час з’яўленне інтэрнэту і лічбавых тэхналогіяў друку адкрылі бясконцыя магчымасці», — мяркуе Роб Горнстра.

Дакументаліст Роб Горнстра — піянер інавацыйных спосабаў фінансавання і публікацыі сваіх фотагісторыяў. Выкарыстоўваючы прыклады з ягонага досведу, вы навучыцеся распрацоўваць стратэгіі для прэзентацыі канкрэтных праектаў.

Тэмы, закранутыя ў ўоркшопе, улучаюць у сябе самастойную публікацыю кніг і газетаў, краўдфандынг (што можна і як нельга), фінансаванне, маркетынг і распаўсюд вашых працаў, а таксама супрацу з дызайнерамі, фотарэдактарамі ды куратарамі.

Пасля заканчэння Школы мастацтваў ва Утрыхце Роб Горнстра працаваў над доўгатэрміновымі праектамі ў родных Нідэрландах і па ўсім свеце. Ён выдаў сем кніг са сваймі працамі. У 2009 годзе супольна з пісьменнікам і рэжысёрам Арналдам ван Брухэнам пачаў працу над праектам «Сочы». Цягам амаль пяці гадоў творцы імкнуліся задакументаваць усё, што адбываецца вакол Сочы і ў Сочы перад Алімпіядаю 2014 года.

Праект «Сочы» — гэта гісторыя паспяховага краўдфандынгу. Кожны год аўтарам удавалася збіраць больш за € 20 тысячаў. У 2012-м Роб Горнстра стаў лаўрэатам World Press Photo з серыяй «Спевакі Сочы». Роб падзеліцца з вамі гэтым досведам ды навучыць прасоўваць праекты і правільна тлумачыць людзям, чаму яны мусяць дапамагчы менавіта вам.

Колькасць удзельнікаў: 10−15

Мова заняткаў: руская

Даты: 7−8 верасня 2016

Месца: Прастора ЦЭХ, Мінск

Час: 10:00—17:00

Кошт: бясплатна

Для ўдзелу вам неабходна выслаць на email photographyminsk@gmail.com заяўку, якая мае ўлучаць:

-дададзеныя да ліста 1−2 праекты (максімум 30 фатаграфіяў да 1500 пкс па вялікім баку) з агульным апісаннем у асобным файле АБО наўпроставымі спасылкамі на праекты на персанальным сайце \ google drive;

-прозвішча, імя, імя па бацьку і кантактны тэлефон;

-тэма ліста — «Заяўка на ўдзел у ўоркшопе Роба Горнстры».

Крайні тэрмін падавання заяўкі — 26 жніўня. Рашэнне аб выбары ўдзельнікаў будзе прымаць аргкамітэт Месяца фатаграфіі ў Мінску. Удзельнікаў ўоркшопу паінфармуюць да 28 жніўня.

Падрабязней шукайце на афіцыйным сайце фестывалю.

Rob-Hornstra.Life-Here-is-Serious

Ўоркшоп арганізаваны прасторай ЦЭХ пры падтрыманні Амбасады Каралеўства Нідэрланды ў Рэспубліцы Польшча.