Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Прымаем заяўкі на персанальныя і групавыя выставы.

Дарагія сябры!

Цягам апошніх гадоў культурная індустрыя ў Мінску буяе: адкрываюцца новыя галерэі, крэатыўныя прасторы, з’яўляюцца новыя пляцоўкі для выставаў. Многія з іх мусяць браць грошы за арэнду, але не кожны з вас можа іх заплаціць. Першыя ж падзеі ў вашай мастацкай практыцы граюць надзвычай важную ролю — выстаўляцца так ці інакш трэба.

Мы ў ЦЭХу выдатна разумеем гэтыя складанасці і таму хацелі б сёлета перазапусціць наш праект «Прыступкі»: невялікую галерэю на лесвіцы, якая магла б паслужыць альтэрнатывай у пошуках месца для выставаў і самапрэзентацыі.

Калі ў вас наспела неабходнасць выявіць сябе, калі вы лічыце, што сапраўды гатовыя, калі ласка, дасылайце нам свае прапановы. Мы маем тры лесвічныя пралёты сценаў (агулам каля 15 м даўжыні), усталяванае святло, мінімальныя матэрыялы для мацавання, куратарскую і рэкламную падтрымку. Варта мець на ўвазе, што існуюць некаторыя тэхнічныя абмежаванні, абумоўленыя спецыфікаю памяшкання. Мы гатовыя выстаўляць фатаграфію, графіку і жывапіс невялікага памеру. У асобных выпадках можна абмеркаваць іншыя варыянты. Выдаткі на вытворчасць і афармленне вы пакрываеце самастойна.

Натуральна, што нас наўрад ці зацікавяць камерцыйныя праекты, фэшн, інтэр’ерныя ці відавочна вучэбныя працы з амбіцыямі генія. Перавага будзе аддавацца цэльным, добра сфармуляваным, асэнсаваным выказванням. Для нас важныя пэўная сацыяльная ангажаванасць, кантэкстуальнасць, сувязь з сучаснасцю.

Падаць сваю прапанову можна, даслаўшы ліст на info@cech.by і пазначыўшы ў тэме «Прыступкі_Імя Прозвішча»

Ад вас патрабуецца:

  1. CV

  1. Партфоліа

  1. Выявы працаў, якія вы хацелі б выставіць.

  1. Кароткі тэкст (да 3500 знакаў) з вашай матывацыяй, а таксама апісаннем ці канцэпцыяй будучай выставы.

Разглядаць заяўкі будзем у залежнасці ад працоўнай загружанасці, не прыдзірліва, але пільна.

Чакаем вашых лістоў.

Падобныя падзеі