7 кастрычніка, 19:30

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Арганізатары фестывалю «Месяц фатаграфіі ў Мінску 2016» распачынаюць штогадовую серыю «Бібліятэка Месяца фатаграфіі ў Мінску». Задача выдання — пазнаёміць шырокую аўдыторыю з дзейнасцю і творчасцю беларускіх аўтараў, якія адыгралі важную ролю ва ўмацаванні статусу беларускай фатаграфіі як віду мастацтва ды яе інстытуалізацыі ў Беларусі. Таксама серыя пакліканая сфармаваць матэрыяльную базу: архіў дакументаў, фатаграфіяў і тэкстаў, што апісваюць розныя перыяды гісторыі беларускай фатаграфіі.

Сімвалічна, што першы альбом серыі прысвечаны дзейнасці ідэйнага натхняльніка Мінскай школы фатаграфіі — Валерыя Лабко. Як аўтар, у сваіх творчых перавагах ён заставаўся верны Фатаграфіі, якая здараецца ў момант асаблівага кантакту фатографа і асяроддзя: «Памятаеце, у дзённіках у Арбус: I don’t press the shutter… The image does». Валерый стаў медыятарам між фотаклубным рухам аматарскай фатаграфіі ў Мінску і генерацыяй новай аўтарскай фатаграфіі Мінскай школы. Гэты якасны пераход ад выразных эстэтычных кадраў аматараў да «імкнення стварыць новую крытычную мову» (Х. Ээрыкяйнэн) быў ініцыяваны, у першую чаргу, самім Лабко.

Адначасова з перадачаю фотарамяства хвалявала яго і фармаванне творчага пажыўнага асяроддзя. У аўтабіяграфічным тэксце «Заўтрашняя фатаграфія», напісаным за год да смерці, Лабко разважае пра сваё месца ў працэсе нараджэння Аўтара заўтрашняй беларускай фатаграфіі.

Гэты альбом — амаж творцу, створаны пераважна намаганнямі вучняў Лабко розных пакаленняў. Выданне ўлучае ў сябе серыі працаў фатографа, якія раскрываюць яго як майстра «падвойнай спецыялізацыі»: партрэту-стану (раздзел «Палессе», серыя «Беларускі балет», «Беларускі клімат») і стрыт-фатаграфіі (раздзел «Next Stop — Soviet»). Здымкі ідуць у храналагічным парадку і суправаджаюцца аўтарскімі каментарамі.

Уваход вольны.

Галерэя ЦЭХу (2-гі паверх).

Падобныя падзеі