20 мая, 19:00

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Медыялабараторыя 34mag і «Еўрарадыё» працягвае серыю афлайн-сустрэч, якія будуць ладзіцца ў Менску ды іншых гарадах Беларусі цягам гэтага года. Кожны наш прывоз — гэта нагода абмеркаваць набалелае пытанне альбо грамадскую з’яву.Другім нашым госцем (пасля Андрэя Лашака) стане аўтарка відэаблога «Всё как у зверей» Яўгенія Ціманава, якая скамбінавала сваю цягу да біялогіі ды прафесійныя навыкі рэкламісткі, стварыўшы адно з самых папулярных відэашоу ў рунэце. Як сцвярджае Яўгенія ў адным з інтэрв’ю, ідэя шоу навеяна тым, што «біялогія — гэта ўніверсальная метафара ўсіх аспектаў чалавечага жыцця. Тое, што ты бачыш у чалавеку, ужо мае нейкую рыфму ў жывёльным свеце». Адзін з самых папулярных і неадназначных выпускаў праграмы завецца «Звярыны ашчэр патрыятызму», у ім можна знайсці тлумачэнне вытокаў патрыятычнай істэрыі, што накрыла нашу медыяпрастору ў апошнія два гады.

З лекцыяй па матывах гэтага выпуску пад назвай «Народжаныя альтруістамі: чаму нам выгадна дапамагаць адно аднаму» Яўгенія і завітае ў Менск. Што такое патрыятызм? Як мы вызначаем «сваіх» і «чужых»? Як маніпуляваць вялікімі масамі людзей, зыходзячы з іх пачуццяў? Пасля лекцыі можна будзе задаць вядучай свае пытанні.

План наступны:

19.00 — 19.15 — пачатак сустрэчы
19.15 — 20.15 — лекцыя
20.15 — 20.30 — перапынак на каву (сумесна з «Тёрка-шоу»)
20.30 — 21.30 — дыскусія