20 сакавіка, 19:00

Удзел платны: 4 руб.

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Мастак і куратар Міхаіл Гулін працягвае цыкл лекцыяў па гісторыі мастацтва ХХ-ХХІ ст.

Штопанядзелак, а 19:00 у прасторы ЦЭХ ён расказвае пра тых асобаў і тыя з’явы, якія пакінулі важны адбітак у мастацтве ХХ стагоддзя і сучаснасці, паўплывалі на прафесійнае станаўленне Гуліна, уразілі і працягваюць уражваць.

1Ceh_Xylin_A3_screen

Мастацтва сёння часта патрабуе медыяцыі ды інтэрпрэтацыі, мы не заўжды маем час на чытанне спецыялізаванай літаратуры, а, прыходзячы ў галерэю, здараецца, і губляемся. Наўрад ці хто можа дапамагчы разабрацца ў тэме так, як адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускага сучаснага арту.

Міхаіл Гулін вядомы сваёй разнастайнаю практыкай, у якой удала спалучаецца дасціпны поп-культурны жывапіс, акцыянізм з выразным сацыяльным кампанентам і куратарства. Аўтар лекцыяў выстаўляецца ў Беларусі, мае багата прафесійных кантактаў па-за межамі краіны, курыруе міжнародныя экспазіцыі. Вымушаны перапыніць сваю выкладчыцкую дзейнасць у 2012 годзе, пасля акцыі «Персанальны манумент», ён працягвае ўдзельнічаць у адукацыйных праектах і творча супрацоўнічае з маладзейшым пакаленнем мастачак і мастакоў. Адзін з апошніх прыкладаў — удзел у якасці т’ютара ў Школе мастацкага жэсту (Artbat FEST, Алматы) і праграме «10 майстэрняў», арганізаванай Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» у 2016 годзе.

Працягваючы тэму папярэдняй лекцыі, падчас трэцяй сустрэчы «Маскоўскі канцэптуалізм. Мастацтва савецкага нонканфармізму» 20 сакавіка Міхаіл Гулін закране тэму канцэптуальнага мастацтва позняга савецкага перыяду, раскажа пра практыкі групаў і пра тыя кірункі, якія развіваліся ў неафіцыйным мастацтве таго часу. Гаворка пойдзе пра творчыя сцэны Масквы, Піцеру, Адэсы і, вядома, не застанецца па-за ўвагаю такі важны феномен, як група «Калектыўныя дзеянні». Таксама аўтар прасочыць сувязь практык таго перыяду з маскоўскім акцыянізмам 90-х.

Важнаю тэмай у гэтай лекцыі таксама будзе нонканфармізм у беларускім мастацтве 80-х і дзейнасць аўтараў ды суполак з Мінску.

Уваходны квіток: 4 рублі (поўны), 2 рублі (ільготны).


Падрабязней на facebook

Падобныя падзеі