Мастак і куратар Міхаіл Гулін працягвае цыкл лекцыяў па гісторыі мастацтва ХХ-ХХІ ст.
Штопанядзелак, а 19:00 у прасторы ЦЭХ ён расказвае пра тых асобаў і тыя з’явы, якія пакінулі важны адбітак у мастацтве ХХ стагоддзя і сучаснасці, паўплывалі на прафесійнае станаўленне Гуліна, уразілі і працягваюць уражваць.
Мастацтва сёння часта патрабуе медыяцыі ды інтэрпрэтацыі, мы не заўжды маем час на чытанне спецыялізаванай літаратуры, а, прыходзячы ў галерэю, здараецца, і губляемся. Наўрад ці хто можа дапамагчы разабрацца ў тэме так, як адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускага сучаснага арту.
Міхаіл Гулін вядомы сваёй разнастайнаю практыкай, у якой удала спалучаецца дасціпны поп-культурны жывапіс, акцыянізм з выразным сацыяльным кампанентам і куратарства. Аўтар лекцыяў выстаўляецца ў Беларусі, мае багата прафесійных кантактаў па-за межамі краіны, курыруе міжнародныя экспазіцыі. Вымушаны перапыніць сваю выкладчыцкую дзейнасць у 2012 годзе, пасля акцыі «Персанальны манумент», ён працягвае ўдзельнічаць у адукацыйных праектах і творча супрацоўнічае з маладзейшым пакаленнем мастачак і мастакоў. Адзін з апошніх прыкладаў — удзел у якасці т’ютара ў Школе мастацкага жэсту (Artbat FEST, Алматы) і праграме «10 майстэрняў», арганізаванай Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» у 2016 годзе.
У сваёй пятай лекцыі «Катэлян. Кляйн. Мандзоні. Прадаўцы паветра» Міхаіл Гулін звернецца да практык канцэптуальнага мастацтва, у якіх творцы выступалі як своеасаблівыя алхімікі, здольныя ствараць твор з дапамогаю нескладаных жэстаў. Гаворка пойдзе пра рэдзі-мэйды, апрапрыяцыю, канцэптуалізацыю і, у прыватнасці, такіх аўтараў, як Маўрыц’ё Катэлян, Іў Кляйн і П’ера Мандзоні.
Уваходны квіток: 4 рублі (поўны), 2 рублі (ільготны).
Падрабязней на facebook