6 сакавіка, 19:00

Удзел платны: 4 руб.

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Мастак і куратар Міхаіл Гулін распачынае цыкл лекцыяў па гісторыі мастацтва ХХ-ХХІ ст.

Штопанядзелак, а 19:00 у прасторы ЦЭХ ён будзе расказваць пра тых асобаў і тыя з’явы, якія пакінулі важны адбітак у мастацтве ХХ стагоддзя і сучаснасці, паўплывалі на прафесійнае станаўленне Гуліна, уразілі і працягваюць уражваць.

1Ceh_Xylin_A3_screen

Мастацтва сёння часта патрабуе медыяцыі ды інтэрпрэтацыі, мы не заўжды маем час на чытанне спецыялізаванай літаратуры, а, прыходзячы ў галерэю, здараецца, і губляемся. Наўрад ці хто можа дапамагчы разабрацца ў тэме так, як адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускага сучаснага арту.

Міхаіл Гулін вядомы сваёй разнастайнаю практыкай, у якой удала спалучаецца дасціпны поп-культурны жывапіс, акцыянізм з выразным сацыяльным кампанентам і куратарства. Аўтар лекцыяў выстаўляецца ў Беларусі, мае багата прафесійных кантактаў па-за межамі краіны, курыруе міжнародныя экспазіцыі. Вымушаны перапыніць сваю выкладчыцкую дзейнасць у 2012 годзе, пасля акцыі «Персанальны манумент», ён працягвае ўдзельнічаць у адукацыйных праектах і творча супрацоўнічае з маладзейшым пакаленнем мастачак і мастакоў. Адзін з апошніх прыкладаў — удзел у якасці т’ютара ў Школе мастацкага жэсту (Artbat FEST, Алматы) і праграме «10 майстэрняў», арганізаванай Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» у 2016 годзе.

6 сакавіка, падчас першай лекцыі цыклу, Гулін распавядзе пра Паўла Філонава, расійскага і савецкага мастака, тэарэтыка мастацтва і паэта — адну з найзначнейшых фігураў расійскага авангарду. Гэта, напэўна, адзін з найменш даследаваных аўтараў таго часу, хоць ягоны ўплыў цяжка пераацаніць. Сябар Хлебнікава і Кручоных, стваральнік Майстэрні аналітычнага мастацтва, нефармальнай аўтарскай школы, якая ў розныя часы яднала да 70 вучняў, Філонаў быў прынцыповым у сваіх поглядах і метадах. Адданы камуніст, пакінуты савецкаю дзяржаваю без падтрымкі, на паўлегальным становішчы, абвінавачаны ў шарлатанстве, мастак без аніводнай персанальнай выставы, але з сотнямі прыхільнікаў і паслядоўнікаў.

Уваходны квіток: 4 рублі (поўны), 2 рублі (ільготны).


Падрабязней на facebook