8 ліпеня, 19:00

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Медыялабараторыя 34mag і «Еўрарадыё» працягвае серыю афлайн-сустрэч, якія будуць ладзіцца ў Менску ды іншых гарадах Беларусі цягам гэтага года. Місія гэтых мітапаў — прасоўванне беларускага грамадства да больш талерантнай і светлай будучыні. Кожны наш прывоз — гэта спроба адсачыць самыя актуальныя суседскія трэнды. Нашымі гасцямі ўжо былі журналіст Андрэй Лашак і відэаблогер Яўгенія Ціманава.

Наступны госць — Ася Казанцава, адна з самых паспяховых папулярызатарак навукі на постсавецкай прасторы. Ася біёлаг з адукацыі і навуковы журналіст паводле паклікання. Як сцвярджае сама Казанцава, яе місія ў тым, каб «скарачаць разрыў паміж навукай і грамадствам, рабіць жыццё больш бяспечным, зразумелым і цікавым». Ася з’яўляецца аўтаркай паспяховай кнігі «Хто б мог падумаць! Як мозг прымушае нас рабіць глупствы», за якую летась атрымала прэстыжную прэмію ў галіне навукова-папулярнай літаратуры «Асветнік». Ася Казанцава мае свае калонкі на партале Slon.ru і «Метрополь», а таксама перыядычна чытае лекцыі, накіраваныя на разбурэнне папулярных навуковых міфаў.

У Менск Ася прыедзе з лекцыяй пра біялагічныя адрозненні мозга мужчыны і жанчыны. Чаму любы чалавек па дэфолце — жанчына? Як палавое адрозненне выяўляецца на ўзроўні мозгу? Гомасэксуальнасць з’яўляецца сацыяльным канструктам або абумоўлена прыроднымі фактарамі? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні можна будзе атрымаць падчас лекцыі ў наступную сераду.

Восенню мы плануем паглядзець, што цікавага адбываецца ў нашых заходніх суседзяў.
Сачыце за абвесткамі ў сацыяльных сетках: FB, VK, Instagram.

Падобныя падзеі