13 сакавіка, 19:00

Удзел платны: 4 руб.

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Мастак і куратар Міхаіл Гулін распачаў цыкл лекцыяў па гісторыі мастацтва ХХ-ХХІ ст.

Штопанядзелак, а 19:00 у прасторы ЦЭХ ён расказвае пра тых асобаў і тыя з’явы, якія пакінулі важны адбітак у мастацтве ХХ стагоддзя і сучаснасці, паўплывалі на прафесійнае станаўленне Гуліна, уразілі і працягваюць уражваць.

1Ceh_Xylin_A3_screen

Мастацтва сёння часта патрабуе медыяцыі ды інтэрпрэтацыі, мы не заўжды маем час на чытанне спецыялізаванай літаратуры, а, прыходзячы ў галерэю, здараецца, і губляемся. Наўрад ці хто можа дапамагчы разабрацца ў тэме так, як адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускага сучаснага арту.

Міхаіл Гулін вядомы сваёй разнастайнаю практыкай, у якой удала спалучаецца дасціпны поп-культурны жывапіс, акцыянізм з выразным сацыяльным кампанентам і куратарства. Аўтар лекцыяў выстаўляецца ў Беларусі, мае багата прафесійных кантактаў па-за межамі краіны, курыруе міжнародныя экспазіцыі. Вымушаны перапыніць сваю выкладчыцкую дзейнасць у 2012 годзе, пасля акцыі «Персанальны манумент», ён працягвае ўдзельнічаць у адукацыйных праектах і творча супрацоўнічае з маладзейшым пакаленнем мастачак і мастакоў. Адзін з апошніх прыкладаў — удзел у якасці т’ютара ў Школе мастацкага жэсту (Artbat FEST, Алматы) і праграме «10 майстэрняў», арганізаванай Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» у 2016 годзе.

У сваёй другой лекцыі, 13 сакавіка, Міхаіл Гулін звернецца да фігуры Алега Цалкова, значнай постаці ў расійскім нон-канфармізме 60−70-x. Вымушаны эміграваць у Францыю ў 1977-м пад ціскам савецкай улады, ён неўзабаве зрабіўся адным з найбольш вядомых расійскіх мастакоў у свеце. Творы Цалкова захоўваюцца ў фондах шматлікіх музеяў, а таксама ў прыватных калекцыях. У 2014-м ягоная персанальная выстава прайшла ў Tate Modern.

Акрамя творчасці Цалкова Гулін, вядома, раскажа і пра феномен савецкага нонканфармізму, згадае Эрнста Неізвестнага, Віктара Піваварава і «Калектыўныя дзеянні». Паколькі тэма надта вялікая для адной лекцыі, гэтым разам аўтар плануе сканцэнтравацца на персаналіях, а падчас наступнай сустрэчы надаць больш увагі групам і кірункам.

Уваходны квіток: 4 рублі (поўны), 2 рублі (ільготны).


Падрабязней на facebook