5 кастрычніка, 19:00—26 кастрычніка, 21:00

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Як бы чаго не здарылася

Калектыўная выстава-даследаванне цэнзуры і самацэнзуры ў сучасным мастацтве

_poster4minsk_fb_cover

Сёння, пасля таго, як, падавалася б, мастацкі авангард парушыў усе забароны, мы сутыкаемся з парадаксальнаю сітуацыяй вяртання цэнзуры ў мастацтва. Цэнзура робіцца неад’емнаю часткаю сучаснай культурніцкай сітуацыі, што шмат у чым звязана з правакансерватыўнымі паваротамі ў палітыцы шмат якіх дзяржаваў. Аднак цэнзура зыходзіць не толькі з боку дзяржавы, але таксама і з боку недзяржаўных арганізацыяў і грамадства ўвогуле, і нават з боку мастацкага асяродку і саміх мастакоў. У такіх акалічнасцях часта ўжо незразумела, дзе праходзіць мяжа паміж цэнзурай, пакліканай абараняць парушаныя правы, і цэнзурай, якая ўціскае непажаданых. І наагул — ці ёсць гэтая мяжа?

У сітуацыі разгулу цэнзуры пад абмежаванні трапляюць не толькі радыкальныя ці экстрэмісцкія мастацкія выказванні, але і рэчы цалкам бяскрыўдныя, якія забараняюцца папросту на ўсялякі выпадак («як бы чаго не здарылася», як казаў чэхаўскі чалавек у футарале). З іншага боку, пашыраецца ценевая вобласць твораў, якім не наканавана пабачыць свет, бо будуць адразу ж адкінутыя.

Сітуацыя забароны, якая нараджае неабходнасць, падобная да застылай цяжарнасці. Калі нешта не з’яўляецца на свет — ператвараецца ў монстра. Немагчымасць выйсці на свет павялічвае ўнутранае поле паразы. Цень расце. Але адкінутыя цэнзураю таксама падобныя і да выгнаных з раю, вясёлых і грэшных Еву і Адама.

Выстава «Як бы чаго не здарылася» пакліканая даследаваць феномен цэнзуры і самацэнзуры ў сучаснай мастацкай сітуацыі. Экспазіцыя будзе складацца з твораў, якія ўтрымліваюць мастацкую рэфлексію на тэму цэнзуры, а таксама творы, якія падпалі пад цэнзуру ці самацэнзуру разам з апісаннямі ці іншаю дакументацыяй актаў іх цэнзуравання.

«Як бы чаго не здарылася» — гэта доўгатэрміновы праект, у межах якога пройдзе серыя імпрэзаў у розных гарадах і краінах. Адзін з важных яго элементаў — даследаванне праяваў цэнзуры і самацэнзуры ў тым ліку і ў лакальным кантэксце. Першая выстава гэтай серыі адкрылася ў Брайтане (Вялікая Брытанія) на пачатку чэрвеня 2017. Другую можна пабачыць сёння ў ЦЭХу.

Выстава ўлучае працы ў такіх жанрах, як відэа, графіка, перформанс, фатаграфія, жывапіс і інш. Наведнікам прапануюць дакументацыю перформансаў, якія адбыліся на першай выставе серыі, а таксама каталогі і аўтарскія мастацкія кнігі.

Пытанні свабоды мастацкага выказвання і свабоды слова ўвогуле — надзвычай важныя для культурніцка-адукацыйнага цэнтру ЦЭХ, праца якога звязаная з грамадскай праблематыкай у візуальнай журналістыцы і сучасных мастацкіх практыках. Выстава ёсць вынікам супрацы з міжнароднаю платформай One can not be too careful і мае сваёй мэтаю прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў цэнзуры ў Беларусі ды іншых краінах.

Куратары выставы — група {родина} (RU), Аня П. Ш. (UK), Радзі Калашнікоўскі (CZ), Аляксей Талстоў (BY).

24 кастрычніка, а 19:00 куратар Аляксей Талстоў правядзе экскурсію па выставе. Запрашаем!


Выставу можна наведаць з 5 па 26 кастрычніка з 12:00 да 21:00

Кошт уваходнага квітка: 4 рублі, 2 рублі (ільготны)

уваход на адкрыццё 5 кастрычніка вольны!

Тэлефон для даведак: 80333326326

facebook

Падобныя падзеі