16 лютага, 19:00—6 сакавіка, 22:00

Удзел платны: 4 руб.

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

У сваім новым праекце фатограф даследуе гвалт як інструмент улады дзеля кантралявання сацыяльнага асяродку. Гэта тэма заўжды прысутнічала ў творчасці аўтара, але тут гаворка ідзе не столькі пра канкрэтныя падзеі ці з’явы беларускай штодзённасці, як пра адчуванне небяспекі ў аўтарытарным грамадстве і механізмы сілавой рэгуляцыі.

«Сляпая зона» яднае фатаграфію, графіку, аб’екты, гістарычны матэрыял. Дакументальнае фота і вынікі працы з архівам у спалучэнні з пастановачнымі здымкамі дазваляюць удала аб’яднаць прыватныя гісторыі і яскравыя спасылкі на мясцовы палітычны кантэкст. Разам з тым, аўтарскае выказванне не зводзіцца да выключнай радыкальнай пазіцыі, Сарычаў хутчэй імкнецца спалучыць добра знаёмыя вобразы і падаць агульную карціну, паралельна разважаючы над сваім стаўленнем да яе.

На сённяшні дзень Максім Сарычаў — адзін з найбольш вядомых візуальных мастакоў Беларусі, які працуе з тэмай улады і грамадства. Сярод ягоных прафесійных дасягненняў — шматлікія ўзнагароды ў нацыянальных конкурсах і ўдзел у міжнародных фестывалях, такіх як Warsaw Photo Days 2013 (Польшча), Vilnius Photo Circle 2013, 2014, 2016 (Літва), Tbilisi Photo Festival 2016 (Грузія). Сарычаў — пераможца важных фотападзеяў Беларусі: конкурсаў PRAFOTA 2015 і Belarus Press Photo 2015. Удзельнік калектыву мастакоў LĒD.


Кошт уваходу — 4 руб. Школьнікам, студэнтам і пенсіянерам — 2 руб.

На адкрыццё ўваход вольны (16 лютага, 19:00).

Дадатковая інфармацыя: info@cech.by

Сайт Максіма Сарычава:sarychau.com


Падрабязнее на facebook