29 мая, 19:30—13 чэрвеня, 19:00

Удзел платны: 25 000 руб.

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Да 100-годдзя з дня нараджэння Ралана Барта

У 2015 годзе спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння Ралана Барта — выбітнага французскага мысляра, тэарэтыка літаратуры, кіно і фатаграфіі, які сыграў ключавую ролю ў фармаванні структуралісцкай і постструктуралісцкай тэорыі. Асаблівае месца Барта ў інтэлектуальнай гісторыі ХХ стагоддзя шмат у чым звязана з яго здольнасцю да пераадольвання межаў паміж рознымі культурнымі мовамі, імкненнем да разбурэння ўстояных канвенцый і дысцыплінарных нормаў, якія скоўваюць рух думкі. Прымяненне семіотыкі да аналіза ўлады і ідэалогіі з’явілася несумненным наватарствам Барта, распрацаваўшага канцэптуальны інструментар для дэмістыфікацыі, выкрыцця механізмаў улады ў самых незаўважных яе праяўленнях (будзь тое паўсядзённая мова, фатаграфія, ежа ці паўсюльісная рэкляма).

У постсавецкай прасторы французскі мысляр падаецца «сваім», добра вядомым і блізкім, дзякуючы перакладам асноўных яго тэкстаў на рускую мову, якія пачалі з’яўляцца з канца 1980-х гг. Але пэўна і іншае: «наш» Барт — насамрэч напісаў і зрабіў значна больш, чым мы здолелі асвоіць і асэнсаваць. «Невядомы» Барт, магчыма, — яшчэ больш значны і актуальны, чым той, якога мы ведаем. Асабліва з цягам часу — са сменай культурных кодаў, мутацыяй палітычных рэжымаў і зменай інтэлектуальных парадыгмаў. Якія канцэпты сярод тых, якія выкарыстоўваў ці распрацоўваў Ралан Барт, бачацца нам сёння як найбольш эўрыстычныя і карысныя — як у даследчай працы, так і ў мастацкіх практыках? Якім «рэхам» адбіваюцца яго ідэі і інтуіцыі ў колах мастакоў, філосафаў, пісьменнікаў ці архітэктараў? Як мы ўспрымаем разрыў паміж структуралісцкімі і постструктуралісцкімі ідэямі ў святле нашай уласнай інтэлектуальнай гісторыі? Якія «інструменты» бартаўскага аналізу апыняюцца найбольш карыснымі і запатрабаванымі ў эпоху лічбавай «тэкстуальнасці» і ў кантэксце новых тэхналогій?

На выставе Mots-clés/Ключавыя словы будуць прадстаўленыя калектыўныя і індывідуальныя працы маладых аўтараў, студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта (Вільня, праграма «Візуальная культура і крэатыўныя індустрыі»). Аўтары праектаў прапануюць пераасэнсаваць творчасць Ралана Барта пасярэдніцтвам аўдыёвізуальных «выказванняў» на тэмы, якія закранаюцца ў працах «Сістэма моды», «Трэці сэнс», «Camera Lucida», «Міфалогіі», «Фрагменты мовы закаханага»). Выстава носіць эксперыментальны характар, паколькі тэарэтычныя паняткі Ралана Барта, прадстаўленыя ў мастацкай форме, па сутнасці пераўтвараюцца ў самастойныя візуальныя тэксты. Расчуць голас аўтара з прысутнымі толькі яму інтанацыямі, «пабачыць мову» і ўспрыняць тэкст пачуццём можна будзе дзякуючы ўключаным у экспазіцыйную прастору выставы фрагментам «мовы» Ралана Барта, прадстаўленых у тэкстуальнай форме, аўдыё і відэазапісах.

Партнёры праекта:

Французская амбасада ў Рэспубліцы Беларусь, Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (Вільня),

Арт-прастора «ЦЭХ», Samsung, Галерэя Ў, tut. by,

Выстава працуе с 12 да 22 кожны дзень.

Падобныя падзеі