6 красавіка, 19:00—29 красавіка, 21:00

Удзел платны: 4 руб.

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Працы Машы Святагор расказваюць пра ейныя няпростыя стасункі з беларускім урбаністычным і культурніцкім асяроддзем. Асноўны матыў акрэсліваюць даволі асабістыя кадры: дзіцячыя здымкі, выявы бацькоў і сяброў фотамастачкі, фонам для якіх служаць, на першы погляд, безасабовая масавая забудова і вадаёмы Мінску, рака Свіслач і курасоўшчынаўскае вадасховішча Смярдзючка. Тапаграфія месца грае тут галоўную ролю, бо вызначае ідэнтычнасць аўтаркі. Тыповае робіцца выключным у той момант, калі, рэфлексуючы, суб’ект надае яму такое значэнне. Iмпульсам для гэтага ў выпадку з экспанаванымі на выставе фатаграфіямі сталі дзіцячыя ўспаміны фотамастачкі.

Дзяцінства, юнацтва і старасць яна ўяўляе як перабыванне ў стане салодкага паўсну, летуценняў і меланхоліі, што мяжуюць са здранцвеннем. Гераіні калажаў на выявах часта сплываюць ці злятаюць удалечыню. Сыход з дому, паводле Пропа, — пачатковая функцыя кожнай чароўнай казкі. У працы «Святагор у вольным плаванні» можна ўбачыць нават больш казачных элементаў: першаклашка, парушаючы забарону, пакідае берагі Курасоўшчыны, стоячы на традыцыйным індзейскім чоўне. Такі пачатак сведчыць, што далей будуць прыгоды, выпрабаванні і цуды. Для Машы Святагор гэта таксама момант ініцыяцыі, далучэння да «дарослага жыцця», што значыць здольнасць да крытычнай ацэнкі навакольнага асяроддзя.

Элемент чоўна ўзяты з фатаграфіі Эдўарда Кэртыса, які дакументаваў у пачатку ХХ стагоддзя штодзённае жыццё карэнных жыхароў Паўночнай Амерыкі. Імаверна, менавіта цікавасць да дакументалістыкі, уласцівая шмат каму з фатографаў ХХ стагоддзя, ад Стывэна Шора да Зоф’і Рыдэт, схіляе Машу Святагор да руплівага збірання вобразаў сучаснай беларускай рэчаіснасці. Аднак форма гэтых вобразаў часцяком настолькі шматгранная і супярэчлівая, што найлепшым спосабам яе дакументацыі аказваецца інтэрпрэтацыя — мадыфікацыя элементаў здымкаў і падача іх у форме яркага калажу. Такім чынам аўтарцы ўдаецца пазбавіць свае працы ўласцівага многім фатаграфічным праектам з Усходняй Еўропы элементу экзатызацыі безнадзейнасці і тугі. На першы план выходзяць канкрэтныя праблемы мінскага ўрбаністычнага асяроддзя, такія, як забудова гораду дамамі, што не ўпісваюцца ў яго архітэктурны ландшафт, не выконваюць у далейшым запланаванай функцыі (або наагул застаюцца недабудаваныя), знос гістарычных будынкаў ці цэлых кварталаў.

Немагчымасць наўпрост паўплываць на сітуацыю прыводзіць гераінь калажаў да стану адлучанасці і адчужанасці, аднак яны спрабуюць скампенсаваць бяссілле, увасабляючыся ў міфічныя вобразы русалак або чароўных птушак. Такім чынам, паўтараючы цыкл касцюмаваных пабегаў і вяртанняў, яны апраўдваюць неабходнасць заставацца ў дадзеным месцы. Тапельніца ў працы «Залегчы на дно Смярдзючкі» невыпадкова нагадвае Афэлію з карціны Джона Міле. Іншыя працы Машы Святагор таксама адсылаюць да розных пунктаў традыцыі заходняга мастацтва, такіх як дадаізм, поп-арт, канцэптуалізм, рэды-мэйд, артэ повэра. Апошнія два кірункі асабліва важныя ў інтэрпрэтацыі папулярных для беларускіх двароў скульптураў са старых апонаў і аднаразовых пластыкавых прадметаў. Аўтары такога кшталту сучаснага наіўнага мастацтва, самі не ведаючы, звяртаюцца да метадаў, распрацаваных авангарднымі творцамі. Пры гэтым калажы Машы Святагор, складзеныя з фрагментаў ейных уласных фатаграфіяў, падкрэсліваюць эмансіпоўную функцыю мастацтва, сціраючы межы эстэтычных катэгорыяў.

Вера Залуцкая, куратарка


Гэта першая індывідуальная прэзентацыя працаў маладой фотамастачкі Машы Святагор. Маша працуе над працяглымі мастацкімі праектамі, звязанымі з тэмамі цялеснасці, сучаснага мастацтва, урбаністычнай прасторы Мінску і г. д. Брала ўдзел у такіх групавых выставах, як Young Photographers 2016, Fine Art Galerie & Kunstverein, Трайсмаўэр, Аўстрыя (2016); The new face of film, FotoFilmic Retrospective Exhibition, Visual Arts Center ва Універсітэце Бойсі, Айдага, ЗША (2016); Naked, Nave Gallery Annex, Самэрвіл, Масачусэтс, ЗША (2015); Fotofilmic Traveling Exhibition, Lomography Gallery Store, Нью-Ёрк, ЗША (2015); Fotofilmic Traveling Exhibition, Back Gallery Project, Ванкувэр, Канада (2014) ды іншых. Публікавалася ў часопісах I-d, Dazed, Calvertjournal, Feature shoot, Fisheye, Fk, Fotoroom і г. д.


Выстава адкрыецца 6 красавіка, а 19:00 і працягнецца да 29 красавіка.

Кошт квітка: 4 руб., школьнікам, студэнтам і пенсіянерам — 2 руб.

На вернісаж уваход вольны!


Падрабязней на facebook