2 кастрычніка, 19:00—31 кастрычніка, 00:00

Удзел платны: 50 000 руб.

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

З вышыні ўласнага досведу маладыя фатографы Івета Вайводэ і Даніэль Зайферт у сваіх фотасерыях адлюстроўваюць аддаленыя мясціны Еўропы — Пілцэнэ ў Латвіі і Любенаў ва Ўсходняй Германіі. Яны абодва ідуць па слядах стану няўпэўненасці; вакууму бяздзейнасці і аддалення, які адмаўляе якую-кольвек веру ў прагрэс і разам з тым развівае сваю ўласную ўнікальную трываласць за кошт пэўнай непадуладнасці часу.

Івета Вайводэ прыязджае ў дом сваёй сям’і, у якім дагэтуль не бывала. Гэта візуальная экскурсія ў пакаленне яе бабуль і дзядуль і разам з тым у незнаёмае і знаёмае; гэта падарожжа, у якое фатограф выпраўляецца праз пэўныя прамежкі часу — без загадзя спланаванага парадку дзеянняў ці фармальных крытэрыяў, але з адкрытасцю і цікаўнасцю.

Са свайго боку, Даніэль Зайферт у фотасерыі візуалізуе захапляльнае адначасовае ўзаемадзеянне маладосці і заняпаду. Больш за год ён дакументаваў лад жыцця падлеткаў горада Любенаў ва Ўсходняй Германіі, асабістае развіццё якіх супярэчыць, а то і супрацьдзейнічае іх асяроддзю. Даніэль Зайферт паказвае, як падлеткі авалодваюць гэтым маленькім гарадком удзень і ўначы. Як яны збіраюцца па адным ці групамі, каб бавіць час у скейт-парку, на аўтобусных прыпынках, у парку і на гульнявых пляцоўках так званых «панэлек». Як яны надаюць пакінутым індустрыяльным руінам — так званай безаблічнай нічынай прасторы — новы сэнс, у тым ліку і таму, што бавяць тут свой час і пакідаюць графіці на сценах.

Івета Вайводэ і Даніэль Зайферт здолелі наблізіцца да сваіх герояў, пакрысе заваяваць іх давер і адкрытасць. Усё гэта толькі вынік іх асцярожнага, далікатнага падыходу, які яны паспяхова ўжылі, каб атрымаць магчымасць зазірнуць усярэдзіну закрытай групы людзей, як гэта рабілі такія класікі дакументальнай фатаграфіі, як Ёзэф Кудзелка (Josef Koudelka), Ёакім Эскільдсэн (Joakim Eskildsen), Уолкер Эванс (Walker Evans) і Роберт Франк (Robert Frank).

Уваход: 50 000 (агульны квіток Месяца фатаграфіі*)

*па квітку вы можаце патрапіць на ўсе 9 выстаў, якія адбываюцца ў ЦЭХу ў дзень наведвання.

Іншыя праекты