25 жніўня, 19:00—31 жніўня, 22:00

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

Межы Іншага

Часопіс CityDog. by у межах праекта «Мінскія дыяспары» прадстаўляе выставу «Межы Іншага» групы «Вера». Галоўнай тэмай выставы, якая адкрыецца 25 жніўня ў 19:00 у ангары «ЦЭХа», з’яўляюцца ўяўленні пра беларускую талерантнасць у час вайсковых канфліктаў і міграцыйнага крызісу.

Наплыў уцекачоў і шматлікія тэрарыстычныя атакі спрыяюць росту нацыяналістычных настрояў у краінах Еўрапейскага саюза. Правыя партыі павялічваюць колькасць прыхільнікаў, гуляючы з хваляваннямі грамадзян наконт бяспекі і эканамічнай стабільнасці. Падавалася б, такія пытанні не тычацца беларусаў, аднак вайна ва Ўкраіне цягам апошніх двух гадоў значна палярызавала грамадства і разам з тым прывяла ў Беларусь хвалю ўцекачоў з Данбаса. Умацаванне вайсковай прысутнасці НАТА ў Польшы і Прыбалтыцы і перадыслакацыя войскаў Расіі да беларускай мяжы толькі спрыяе росту напружання. Разам з тым цягам апошніх гадоў у краіне назіраецца стабільны міграцыйны прырост. На фоне адносна невялікай колькасці мігрантаў з Бліжняга Ўсходу і Афрыкі апошнія звесткі кажуць пра значную колькасць працоўных мігрантаў з Кітая. Агулам за першыя шэсць месяцаў 2016 года ў Беларусі зарэгістравалася каля 11 000 чалавек, якія прыехалі ў Беларусь па працу.

«Межы Іншага» — гэта спроба аналізу адкрытасці беларускага грамадства да новых абставінаў. Беларусь мае сваю гісторыю мультыкультуралізму — стагоддзямі розныя этнічныя групы мірна суіснавалі на гэтай тэрыторыі. Але палітычная сітуацыя ў рэгіёне мяняецца, і той стэрэатып цярпімасці і ўзаемапавагі, які здаўна рэпрадуктуецца і ў дзяржаўнай ідэалогіі, і ў масавай свядомасці, сёння праходзіць праверку на практыцы. Зважаючы на гэта, група «Вера» даследуе сацыяльнае поле з мэтай выявіць найбольш яскравыя рэакцыі на такія перамены, праводзіць аналіз медыя, а таксама персанальнага досведу ўдзельнікаў. У выніку на выставе будуць прадстаўлены аб’екты і відэа, цытаты і дакументацыя, аб’яднаныя агульнай інсталяцыйнай рамкай.


Гэта выстава — дэбютны праект групы «Вера», якая сфарміравалася ў чэрвені 2016-га і яднае мастакоў і культурных работнікаў Веру Залуцкую, Аляксея Навумчыка, Антона Сарокіна і Аляксея Талстова. Выканаўчы куратар выставы — Аляксей Талстоў.


Сачыце за анонсамі на старонцы facebook