5 жніўня, 12:00—28 жніўня, 22:00

Удзел платны: 5 .00 руб.

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

5 жніўня ў прасторы ЦЭХ пачынае працу выстава Сяргея Гудзіліна #KANDENSAT. Гэта першая персанальная выстава беларускага фатографа, якая аб’ядноўвае серыі розных гадоў. Выстава стала магчымая дзякуючы праграме падтрымкі маладых мастакоў прасторы ЦЭХ і краўфандынгавай пляцоўкі Talaka.By. Сродкі на выставу (і продаж эксклюзіўных падарункаў ад аўтара) яшчэ працягваюць збірацца тут (http://www.talaka.by/projects/1330/overview)

Куратары: Андрэй Лянкевіч, Антаніна Серакова.
Арт-мэнэджар: Ганна Карпенка

Кандэнсат — (ад лацінскага condensatus — згушчаны) — адлюстроўвае канцэпцыю выставы Сяргея Гудзіліна. У залі плошчай 60 квадратных метраў прадстаўлена 9 праектаў, над якімі Сяргей працаваў на працягу 7 апошніх гадоў. Празмернасць інфармацыі на кожны квадратны сантыметар выставы, складзенай з фатаздымкаў, газетных палос «Нашай Нівы», мультымедыя і інсталяцый, ствараюць насычанае і вельмі канцэнтраванае поле.

Выстава «Кандэнсат» з’яўляецца спецыфічнай спробай глядзець на Беларусь вачыма аднаго аўтара. У сваіх інтэрв’ю Сяргей Гудзілін зноў і зноў паўтарае: «Беларусь — адна з самых нязнятых краін свету». Калі падумаць, гэта ня проста гаворка аб тым, што Беларусь застаецца terra incognito як для замежнікаў, так і для саміх беларусаў, ня толькі прыгожая фраза, гэта кропка адліку і стратэгія Сяргея Гудзіліна.

Сяргей Гудзілін — беларускі фотажурналіст і дакументальны фатограф. Нарадзіўся і жыве ў Жодзіне. Вучыўся ў ЕГУ, па спецыяльнасці Медыя і каммунікацыі. У 2005 годзе прыйшоў у аматарскую фатаграфію. Пачынаў сваю прафесійную дзейнасць у якасці спартовага фотажурналіста. У 2011 годзе за здымкі з арміі ён атрымаў Гран-Пры Belarus Press Photo. З таго ж часу працуе фотажурналістам у газеце Наша Ніва. Акрамя працы ў Нашай Ніве здымаў для The New York Times, National Geographic Magazine, Gazeta Wyborcza, Lenta.ru і іншых замежных СМІ. У 2014 годзе трапіў у спіс 30 перспектыўных фатографаў свету па версіі амерыканскага часопіса Phoro Distric News. Удзел у арт-праектах і калектыўных выставах: By Now (2013), Zabor (2014), Offside (2014), Прафота (2014−2016) і інш. Сайт фатографа — http://hudzilin.com/

Старонка ў facebook — Kandensat.

Падобныя падзеі