18 чэрвеня, 18:00

Прастора «ЦЭХ», Кастрычніцкая 16

З нагоды выхаду новага нумара альманаха pARTisan, прысвечанага музею на постсавецкай прасторы, адбудзецца дыскусія «Музей на постсавецкай прасторы: час зменаў?» . У дыскусіі возьмуць удзел: дырэктарка Музея З. Азгура Аксана Багданава, мастак і пісьменнік Артур Клінаў, мастак Руслан Вашкевіч, а таксама адмысловая госця з Украіны — Юлія Ваганава, намесніца дырэктаркі па выстаўнай рабоце і міжнароднай дзейнасці Нацыянальнага мастацкага музея ў Кіеве.

Штэфан Ваквітц, кіраўнік Інстытута Гётэ ў Тбілісі, адзначае ў сваім інтэрв’ю для pARTisan, што мы таксама павінны разумець музей як аўтапартрэт грамадства, прастору для даследавання мясцовага кантэкста, а таксама для фарміравання ідэнтычнасці нацыі. Гэтая думка стала ключавой для pARTisan у разважаннях пра беларускі музей, на якім да гэтай пары можна адчуваць уплыў савецкай ідэалогіі.

У нумары pARTisan#27: музей чытайце:

—  Інтэрв’ю са Штэфанам Ваквітцам пра важнасць тэмы музея, асабліва на постсавецкай прасторы;

—  Аляксей Братачкін разважае наконт новага музей Вялікай Айчыннай вайны ў Менску, а Сяргей Харэўскі дае каментар на гэты конт;

—  Аляксей Братачкін, Вольга Раманава і Ірына Раманава дыскутуюць наконт магчымага музея (пост)савецкага ў Беларусі;

—  Артур Клінаў запрашае на ўяўны шпацыр па музейнаму беларускаму дыснейлэнду;

—  Вольга Бубіч распавядае пра сітуацыю з мемарыялам у Трасцянцы;

Таксама ў нумары: разважанні Сяргея Харэўскага пра музеі, агляд праекта Руслана Вашкевіча «Не гледзячы ні на што», оперу ў трох дзеяннях «Праектар» Максіма Тымінько, інтэрв’ю з Юліяй Ваганавай пра трансфармацыі Нацыяльнага мастацкага музея ў Кіеве; прэзентацыя дзейнасці Цэнтра сучаснага мастацтва ў Тбілісі і інш.

«Калі галоўны музэй краіны ёсьць рэпрэзэнтантам улады, то якую ўладу сёньня рэпрэзэнтуе Нацыянальны мастацкі музэй зь яго эклектычнай экспазыцыяй, што складаецца зь дзіўнага міксту сармацкага партрэту, парцалянавых статуэтак, твораў сацыялістычнага рэалізму, аўтарскіх варыянтаў пэйзажаў Шышкіна ды эскізаў да карцін перасоўнікаў? Гаворачы пра ўладу, размова ідзе не пра яе пэрсаніфікацыю, а пра онталягічную сутнасьць, то-бок паняцьце ўлады як сувэрэна ў незалежнай краіне».

Артур Клінаў. Шпацыр па ўяўным музэйным дыснэйлэндзе. (Утапічны праект перафарматаваньня менскіх музэяў)

Нумар здзейснены пры падтрымцы Інстытута Гётэ ў Менску.

Падчас дыскусіі «Музей на постсавецкай прасторы: час зменаў?» у ЦЭХ, у межах якой адбудзецца таксама прэзентацыя нумара, будуць абмяркоўвацца наступныя пытанні:

Наколькі была трансфармавана музейная сфера на постсавецкай прасторы? Што ўдалося зрабіць? Якія пазітыўныя / негатыўныя моманты трансфармацыі можна адзначыць? Якія стратэгіі трансфармацыі музейных інстытуцый (не) працуюць? Наколькі мы можам звяртацца да досведу заходніх краін?

Уваход вольны!

Нумар pARTisan укайце ў краме «Ў» і кнігарні «ЛогвінаЎ» (пр. Незалежнасці, 37а, Менск)!

Падобныя падзеі